АРАША́ЛЬНАЕ ЗЕМЛЯРО́БСТВА,

вырошчванне с.-г. культур ва ўмовах штучнага арашэння; адзін з відаў інтэнсіўнага земляробства. Пашырана ў засушлівых зонах. Шырока выкарыстоўваецца таксама ў зоне дастатковага ўвільгатнення, дзе ёсць дэфіцыт вільгаці з-за нераўнамернага выпадання атм. ападкаў у асобныя перыяды вегетацыі. Пры арашальным земляробстве прадукцыйнасць зямлі ў 1,5—3 разы вышэйшая, ураджаі найб. стабільныя. У арашальным земляробстве выкарыстоўваюць метады паверхневага арашэння (паліванне па барознах), дажджавання, падглебавага ўвільгатнення, кропельнага і імпульснага арашэння (у асн. для агароднінных культур). Ва ўмовах Беларусі выкарыстоўваюць пераважна пры вырошчванні агароднінных культур, а таксама на культурнай пашы і сенажацях.

т. 1, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)